Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Казкі

БЕЛАРУСКІЯ НАРОДНЫЯ КАЗКІ ДЛЯ ДЗЯЦЕЙ:

Казкі для дзяцей малодшага ўзроста

БЕЛАРУСКАЯ НАРОДНАЯ КАЗКА "МУХА-ПЯЮХА" ( 2-3 Г.)

Жыла-была муха-пяюха. Мела яна каляску і шэсць камароў. Запрэгла муха-пяюха камароў у каляску ды паехала на пагулянку. Едзе яна дарогаю, едзе шырокаю — бяжыць мышка:

 — Добры дзень, пані! Як паню зваць-велічаць?Изображение

— Я муха-пяюха. А ты хто?

— А я па паліцах скрабатуха. — Сядай, паедзем разам.                     

Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю — скача жабка:

— Добры дзень, панове! Як вас зваць-велічаць?

— Муха-пяюха. Па паліцах скрабатуха. А ты хто?

— А я па сажалках рагатуха.

— Сядай, паедзем разам.

Едуць яны дарогаю, едуць яны шырокаю — на галінцы вавёрка:

— Добры дзень, панове! Як вас зваць-велічаць?

— Муха-пяюха. Па паліцах скрабатуха. Па сажалках рагатуха. А ты хто?

— А я па елках скакуха.

— Сядай, паедзем разам. Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю — бяжыць заяц:

— Добры дзень, панове! Як вас зваць-велічаць?

— Муха-пяюха. Па паліцах скрабатуха. Па сажалках рагатуха. Па елках скакуха. А ты хто?

— А я праз дарогу скок.

— Сядай, паедзем разам.

Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю — ідзе воўк:

— Добры дзень, панове! Як вас зваць-велічаць?

— Муха-пяюха. Па паліцах скрабатуха. Па сажалках рагатуха. Па елках скакуха. Праз дарогу скок. А ты хто?

— А я галодны воўк. Усіх вас паем.

Пачулі гэта камары, падняліся ўгору і паляцелі разам з каляскай. А галодны воўк паляскаў зубамі і пайшоў далей ні з чым.

БЕЛАРУСКАЯ НАРОДНАЯ КАЗКА “КУРАЧКА-РАБКА”( 3-4 Г.)

Жыў дзед, жыла бабка. Была ў іх курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся.Плача дзед, плача бабка, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сарокі трашчаць, гусі крычаць, сабакі брэшуць.

Ідзе воўк:

— Дзедка, бабка, чаго вы плачаце?

— Як-жа нам не плакаць? Была ў нас курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся.

І воўк завыў.

Ідзе мядзведзь:

— Воўк, чаго выеш?

— Як-жа мне не выць? Жыў дзед, жыла бабка. Была ў іх курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся. Плача дзед, плача бабка, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сарокі трашчаць, гусі крычаць, сабакі брэшуць… А я брахаць не ўмею, дык і завыў.

Выслухаў мядзведзь казку і адарваў сабе хвост.

Так з таго часу і жыве з куртатым хвастом.

Казкі для дзяцей сярэдняга узроста
«КОЦІК, ПЕЎНІК І ЛІСІЦА» ( 4-5 Г.)

Жылі-былі каток і пеўнік. Збудавалі яны хатку пры лесе. Кажа раз каток пеўніку:

— Я пайду ў лес на ўловы, а ты зачыніся, нікога не пускай у хатку. — І пайшоў. Ажно прыбягае ліска пад акенца ды просіць:

— Пеўнік, пеўнік, адчыні! Памяла мне пазыч. Прыехалі госці з Замосця, няма чым печ вымесці, пірагі пячы.

А пеўнік на гэта:

— Зводзіш ты мяне, зводзіш, — ты мяне абманеш. — Не адчыню я хаткі, табе нічога не дам.

— Ах, які-ж ты злосны! — кажа ліска. — А я не маню, каб я жыла. Ну, калі не верыш, дык падай мне памяло праз аконца, галубок!

Адчыніў пеўнік акенца і дае ёй памяло, а ліска не за памяло, а за яго ды наўцекі.Изображение

Стаў пеўнік галасіць:

Коціку-браціку,

Мяне ліска схапіла,

Зубамі крыльцы шчаміла,

Ды нясе мяне ў цёмныя лясы,

За высокія горы,

У глыбокія норы!

Ратуй мяне!                           

 Шкада стала коціку пеўніка. Ён, як мага ў пагоню пагнаўся. Лісіцу дагнаў, за валасы надраў, пеўніка адабраў. — Ну — кажа пеўніку: — глядзі-ж больш нікому не адчыняй хаткі. Бо цяпер пайду далей, за горы.

І ў другі раз прыбягае ліска.

— Пеўнік, пеўнік, адчыні! Пазыч мне лапату, прыехалі госці з Замосця, няма чым пірагі ў печ садзіць.

— Не, — кажа пеўнік, — не адчыню, бо ты мяне зрадзіш. — Не, не, пеўнічку,  не абману. Дык пеўнік, як добры дурань, адчыніў дзверы і дае лапату, а ліска за пеўнічка і ў ногі.

Яшчэ мацней стаў крычаць пеўнік:

Коціку-браціку,

Мяне ліска схапіла,

Зубамі крыльцы шчаміла,

Ды нясе мяне ў цёмныя лясы,

За высокія горы,

У глыбокія норы!

Ратуй мяне! 

Чуць толькі пачуў коцік пеўнікаў крык. Бегчы ды бегчы, бегчы ды бегчы — насілу дагнаў ліску з пеўнікам. Калі-ж узлаваўся каток, як стаў лісіцу за патыліцу драць! Пусціла лісіца пеўніка ды ходу. Прывёў коцік пеўніка дахаты. Назаўтра зноў кажа яму:

— Сёння я пайду яшчэ далей. А ты-ж глядзі, не ашукайся. Бо калі зноў паслухаеш ліскі, дык яна цябе з есць.

Ліска пад акном пільнавала. Як толькі каток адыйшоў, яна зноў пад аконца прыбегла. 

-Пеўнік, пеўнік, адчыні! Ехалі баяры, рассыпалі проса, няма каму пазбіраць! Ідзі памажы.

                                Изображение

— Хлусіш. Ты зноў хочаш мяне ашукаць, — кажа пеўнік. А ліска хітра смяецца ды кажа:

— А які-ж ты недаверлівы! Ды глянь-жа сам, калі не верыш! А я пабягу хутчэй збіраць проса.

— І схілілася за сцяну. Выхінуўся пеўнік праз аконца, а ліска — хоп — за яго ды ў лес. Крычаў, крычаў пеўнік, але коцік яго ўжо не пачуў. Прыходзіць коцік дамоў, а ў хатцы нікога няма, і аконца адчынена. Здагадаўся коцік, што ліска такі схапіла пеўніка. Горка стала коціку. І пачаў ён у дарогу збірацца, пеўніка ратаваць.

Надзеў боты-скараходы, да боку шаблю прычапіў, узяў з сабою скрыпачку  пайшоў. Ішоў ды ішоў, ішоў ды ішоў, сустракае зайчыка.

— Зайчык, зайчык! Ці не бачыў ты ліскі бягучы, пеўніка нясучы?

— Бачыў, — кажа зайчык вось у тую нару пабегла. А тым часам у лісчынай хатцы ўжо ў печы паліцца, ў сагане вада грэецца, нож ляжыць навостраны пеўніка рэзаць. Сеў каток каля нары, на скрыпцы зайграў ды  запеў:

-Дылі, дылі, скрыпачка,

Залатыя струначкі!

А ў норцы лісачка,

А ў ліскі новы двор,

Тры дачкі на выбор.

Ліска перапыніла работу на кухні. Пасылае старэйшую дачку Чучалку:

— Паглядзі, Чучалка, што там за паніч пад варотамі пяе? Выйшла Чучалка, а коцік яе — хапець за карак, — ды ў торбу. А сам яшчэ гучней грае ды спявае:

-Дылі, дылі, скрыпачка,

Залатыя струначкі!

А ў норцы лісачка,

А ў ліскі новы двор,

Тры дачкі на выбор.

Пасылае ліска сярэднюю дачку Пачучалку.

— Схадзі, паглядзі, Пачучалка, чаму гэта Чучалка так забавілася, мабыць, дужа важныя панічы прыехалі? Выбегла Пачучалка, падскокваючы, за вароты. А коцік яе — хапець за карак, — ды ў торбу. А сам яшчэ гучней грае ды спявае:

Дылі, дылі, скрыпачка,

Залатыя струначкі!

А ў норцы лісачка,

А ў ліскі новы двор,

Тры дачкі на выбор.

Адна тая Чучалка харошая,

Другая Пачучалка прыгожая

А трэйцяя меньшая,

Мабыць прыгажэйшая.

Ліска аж аблізнулася, так спадабалася ёй каткова песня. — Ідзі й ты, — кажа да меншай дачкі. — Пэўна там знатныя панічы прыехалі. Выбегла трэцяя дачка. А коцік — хапець — за яе ды ў торбу. Тады ў хату лісчыну ўбег ды закрычаў:

— Гэй, ты, старая лісіца! Дзе пеўніка падзела?

— А мой-жа ты, сакалочак! А мой-жа ты каласочак! А я    не бачыла, а я   не чула!

Але коцік яшчэ мацней крыкнуў:

— Аддай пеўніка, бо як бач сваіх дачок аглядаць не будзеш! — І замахнуўся шабляю. Спалохалася лісіца. Пеўніка аддала, а сабе дачок забрала. З той пары разумнейшы стаў пеўнік. І сталі яны з коцікам дружна жыць. А ліска  дагэтуль сватоў чакае. Ніхто яе дачок замуж не бярэ, бо дужа-ж яны хітрыя.

Сынок - з - кулачок

Жылі дзед і баба. І быў у іх сынок. Ды такі малы, што з-пад шапкі не відаць. Ня большы за кулак. Так дзед з бабай яго і звалі: сынок-з-кулачок. 

Паехаў аднойчы дзед араць, а бабе сказаў, каб згатавала абед ды прынесла яму на поле. 

Баба згатавала абед ды кажа да сына: 

— Каб ты быў большы, дык занёс бы бацьку абед за мяне. А так мне самой трэба ісьці. 

А сынок падхрабрыўся і кажа: 

— Давай, мама, занясу абед. 

— Дзе табе данесьці яго? — ня верыць маці. 

— Данясу! 

Узяў сынок-з-кулачок абед, паставіў у дзедаў лапаць, сам ззаду сеў і паехаў. 

Едзе сабе і песенькі сьпявае. Прыехаў на поле, гукае бацьку: 

— Тата, я табе абед прывёз! 

Убачыў яго бацька, зарадаваўся: 

— Малайчына, сынок! 

Сеў ён абедаць, а сын кажа: 

— Тата, пасадзі мяне на саху, я араць буду. 

— Як жа ты будзеш араць? 

— А паглядзіш, — кажа сын. 

Пасадзіў яго бацька на саху. Сынок-з-кулачок узяў лейцы ў рукі і крыкнуў на каня: 

— Но, сівы-буры! 

І пачаў араць. 

Ехаў дарогаю пан у брычцы. Убачыў ён такое дзіва. 

— Прадай, дзед, мне свайго аратага, — кажа пан. 

— Не, пане, не прадам: гэта мой сынок. 

А пан прычапіўся, як смала: прадай ды прадай! 

— Я табе, — кажа пан, — дам шмат грошай. 

Пачуў гэта сынок, падбег да бацькі і шэпча яму: 

— Прадавай, тата, толькі вазьмі ў пана за мяне жменю золата. Не бойся, я ад яго ўцяку... 

Згадзіўся дзед і прадаў пану сына за жменю золата. 

Узяў пан хлопчыка, пасадзіў у кішэню і паехаў. "Вось, — думае, — добрага аратага нажыў. Гэдакага ні ў кога няма. Няхай зайздросьцяць усе паны!" 

Тым часам хлопчык прадраў панскую кішэню, цішком вылез зь яе ды выскачыў з брычкі. Пан нават і не пачуў. Паехаў сабе дамоў хваліцца дзіўным аратым. 

Агледзеўся хлопчык, аж кругом яго густы лес. 

Пахадзіў ён, пахадзіў па лесе і заблукаў. 

А тут і вечар настаў. Сеў хлопчык пад елкаю і плача. 

Ні адсюль, ні адтуль — галодны воўк. Ухапіў ён хлопчыка і праглынуў яго. 

Апамятаўся хлопчык, пачаў брыкацца ў воўчым жываце, пачаў крычаць: 

— Гэй, воўк, нясі мяне дахаты! 

— Не панясу, — кажа воўк. 

— Нябось, панясеш, як надакучу табе. 

— Паглядзім, — агрызнуўся воўк і пабег у поле шукаць авечак. 

Прыбягае да чарады авечак, а хлопчык як крыкне з воўчага жывата: 

— Гэй, пастухі, воўк па авечкі крадзецца! 

Пачулі гэта пастухі, прагналі злодзея. Ды яшчэ і сабак нацкавалі на яго. 

Прыбег воўк у лес і кажа хлопчыку: 

— Вылазь вон! 

— Не, ня вылезу, — адгукаецца хлопчык. — Нясі мяне дадому. 

— Не панясу! — злуецца воўк. 

Выгаладаўся воўк ды зноў пайшоў шукаць спажывы. Але куды ні прыйдзе, усё няўдача: не дае яму хлопчык усё сваё права правіць: 

— Нясі мяне дадому! 

Бачыць воўк — няма рады: панёс хлопчыка дадому. 

Прынёс да двара і кажа: 

— Вылазь. Вунь твая хата. 

— Не, — адказвае хлопчык, — нясі на двор. 

Прынёс яго воўк на двор і зноў крычыць: 

— Вылазь! 

— Не, нясі ў сенцы. 

Прынёс воўк яго ў сенцы. 

Тут хлопчык выскачыў вон ды як закрычыць: 

— Тата, хадзі ваўка біць! 

Выбег бацька з качаргою і забіў ваўка. Шкуру злупіў і бабе футра пашыў. А баба сасмажыла за гэта дзеду і сынку гуся. 

Тут і казка ўся. 

Ня сілай, а розумам

Адзін чалавек пайшоў у лес дровы секчы. Насёк дроў, сеў на пань адпачыць. 

Прыходзіць мядзьведзь: 

— Гэй, чалавек, давай будзем барукацца! 

Паглядзеў чалавек на мядзьведзя: дужы калмач — дзе зь ім барукацца! Сьцісьне лапамі — і дух вон! 

— Э, — кажа чалавек, што мне з табою барукацца! Давай сьпярша паглядзім, ці маеш ты сілу. 

— А як глядзець будзем? — пытаецца мядзьведзь. 

Узяў чалавек сякеру, рашчапіў пень зьверху, убіў у расколіну клін і кажа: 

— Калі разьдзярэш гэты пень лапаю, значыць, маеш сілу. Тады я з табою буду барукацца. 

Ну, мядзьведзь, не падумаўшы, тыц лапу ў расколіну. А чалавек тым часам трах абухам па кліну — той і выскачыў. 

Тут пень і сьціснуў мядзьведзеву лапу, як абцугамі. 

Раве мядзьведзь, танцуе на трох лапах, але ні расчапіць пень, ні вырвацца зь яго ня можа. 

— Ну, што, — кажа чалавек, — будзеш барукацца са мною? 

— Не, — енчыць мядзьведзь. — Ня буду. 

— Вось бачыш, — сказаў чалавек. — Ня толькі сілаю барукацца можна, а і розумам. 

Убіў ён клін назад у пень, мядзьведзь вырваў лапу ды ходу ў гушчар без аглядкі. 

З таго часу ён і баіцца сустракацца з чалавекам. 

Лёгкі хлеб

Касіў на лузе касец. Змарыўся і сеў пад кустом адпачыць. Дастаў торбачку, разьвязаў і пачаў есьці. 

Выйшаў зь лесу галодны воўк. Бачыць — касец пад кустом сядзіць і нешта есьць. Падыйшоў да яго воўк: 

— Ты што ясі, чалавеча? 

— Хлеб, — адказвае касец. 

— А ён смачны? 

— Дзіва што смачны! 

— Дай мне пакаштаваць. 

— Калі ласка! 

Адламаў касец кавалак хлеба і даў ваўку. 

Спадабаўся ваўку хлеб. Ён і кажа: 

— Хацеў бы я кожны дзень хлеб есьці, але дзе мне яго дастаць? Парай, чалавеча! 

— Добра, — кажа касец, — навучу цябе, дзе і як хлеб даставаць. 

І пачаў ён вучыць ваўка: 

— Перш-наперш трэба зямлю ўзараць... 

— Тады і хлеб будзе? 

— Не, брат, пачакай. Потым трэба зямлю забаранаваць... 

— І можна хлеб есьці? — замахаў воўк хвастом. 

— Што ты, пачакай яшчэ. Раней трэба жыта пасеяць... 

— Тады будзе хлеб? — аблізнуўся воўк. 

— Не яшчэ. Дачакайся, пакуль жыта ўзыдзе, халодную зіму перазімуе, вясной вырасьце, потым закрасуе, потым пачне наліваць зярняты, потым сьпець... 

— Ох, — уздыхнуў воўк, — вельмі ж доўга чакаць. Але цяпер-то ўжо я наемся хлеба ўволю! 

— Дзе там наясіся! — перапыняе касец. — Рана яшчэ. Спачатку сьпелае жыта трэба зжаць, потым у снапы зьвязаць, снапы ў бабкі паставіць. Вецер іх правее, сонейка прасушыць, тады вязі іх на ток... 

— І есьці хлеб буду? 

— Які нецярплівы! Спачатку трэба снапы абмалаціць, зярняты ў мяхі сабраць, мяхі ў млын завезьці, ды мукі намалоць... 

— І ўсё? 

— Не, ня ўсё. Муку трэба замясіць у дзяжы і чакаць, пакуль цеста падыдзе. Тады ў гарачую печ пасадзіць. 

— І сьпячэцца хлеб? 

— Але, сьпячэцца хлеб. Вось тады і наясіся яго, — скончыў касец навуку. 

Задумаўся воўк, потым пачухаў лапай патыліцу і кажа: 

— Не! Гэтая работа занадта марудная і цяжкая. Лепш парай мне, чалавеча, як лягчэй яду здабываць. 

— Ну што ж, — кажа касец, — калі ня хочаш цяжкі хлеб есьці, параю табе лёгкі. Ідзі на выган, там конь пасецца. 

Пайшоў воўк на выган. Убачыў каня: 

— Конь, конь! Я цябе з'ем. 

— Што ж, — кажа конь, — еш. Толькі спачатку здымі з маіх ног падковы, каб не ламаць табе зубы аб іх. 

— І то праўда, — згадзіўся воўк. 

Нахіліўся ён падковы здымаць, а конь як стукне яму капытом у зубы... 

Перакуліўся воўк ды ходу. 

Прыбег да рэчкі. Бачыць — на беразе гусі пасуцца. "Ці ня з'есьці мне іх?" — думае, потым і кажа: 

— Гусі, гусі! Я вас з'ем. 

— Што ж, адказваюць гусі, — еш. Але спачатку зрабі нам адну паслугу перад сьмерцю. 

— Якую? — пытаецца воўк. 

— Пасьпявай нам, а мы паслухаем. 

— Гэта можна. Сьпяваць я — мастак. 

Сеў воўк на купіну, задраў галаву і давай выць. А гусі крыльлямі — мах, мах! Узьняліся й паляцелі. 

Зьлез воўк з купіны, правёў гусей вачыма і пайшоў далей ні з чым. 

Ідзе ды лае сябе апошнімі словамі: "Ці ж ня дурань я, га? Навошта я згадзіўся сьпяваць гусям? Ну, цяпер каго ні сустрэну — з'ем!" 

Толькі ён так падумаў, бачыць — ідзе па дарозе стары дзед. Воў падбег да яго: 

— Дзед, дзед! Я цябе з'ем! 

— Чаго так сьпяшацца! — кажа дзед. — Давай сьпярша табакі панюхаем. 

— А смачная яна? 

— Паспытай, дык будзеш ведаць. 

— Давай! 

Выняў дзед з кішэні капшук з табакаю, сам панюхаў і ваўку даў. 

Як нюхнуў воўк на ўсю сілу, дык цэлы капшук табакі ўдыхнуў у сябе. А потым як пачаў чхаць на ўвесь лес... Нічога ад сьлёз ня бачыць, усё чхае. Так з гадзіну чхаў, пакуль усю табаку ня вычхаў. Агледзеўся потым, а дзеда і сьлед прастыў. 

Пайшоў воўк далей. 

Ідзе ён і бачыць — на полі чарада авечак пасецца, а пастух сьпіць. Нагледзеўся воўк у чарадзе самага большага барана, схапіў яго і кажа: 

— Баран, баран! Я цябе з'ем. 

— Што ж, — кажа баран, — такая мая доля. Але каб ня мучыцца мне доўга ды і табе каб не ламаць зубы аб мае старыя косьці, стань лепш вунь у той лагчынцы і разяў рот, а я ўзьбягу на ўзгорак, разганюся і сам ускочу табе ў рот. 

— Дзякуй за параду, — сказаў воўк. — Так і зробім. 

Стаў ён у лагчынцы, разявіў рот і чакае. А баран узбег на горку, разагнаўся ды — трах! — рагамі ваўка ў галаву. Аж іскры пасыпаліся з вачэй у ваўка, сьвету ён ня ўбачыў. 

Ачухаўся воўк, пакруціў галавою і разважае: 

— Цікава: з'еў я яго ці не? 

А тым часам касец скончыў работу ды ідзе дахаты. 

Пачуў ён воўкавы словы і кажа: 

— З'есьці ня з'еў, але паспытаў лёгкага хлеба. 

Былінка і верабей

Сеў верабей на былінку і просіць: 

— Былінка, былінка, пакалышы мяне. 

Але былінка калыхаць вераб'я не захацела. Тады верабей паляцеў да казы: 

— Каза, каза, ідзі былінку грызьці — былінка не хоча вераб'я калыхаць. 

Каза не пайшла. Паляцеў верабей да ваўка: 

— Воўк, воўк, ідзі казу есьці, каза не ідзе былінку грызьці, былінка ня хоча вераб'я калыхаць. 

Воўк не пайшоў. Паляцеў верабей да людзей: 

— Людзі, Людзі, ідзіце ваўка біць, воўк ня хоча казу есьці, каза не ідзе былінку грызьці, а былінка ня хоча вераб'я калыхаць. 

Людзі не пайшлі. Паляцеў верабей прасіць вяроўкі: 

— Вяроўкі, вяроўкі, ідзіце людзей вязаць, бо людзі ня хочуць ваўка біць, воўк ня хоча казу есьці, каза не ідзе былінку грызьці, а былінка ня хоча вераб'я калыхаць. 

Паляцеў верабей прасіць агонь: 

— Агонь, агонь, ідзі вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць людзей вязаць, людзі не ідуць ваўка біць, воўк ня хоча казу есьці, каза не ідзе былінку грызьці, а былінка ня хоча вераб'я калыхаць. 

Агонь не пайшоў. Паляцеў верабей прасіць ваду: 

— Вада, вада, ідзі агонь тушыць, агонь не ідзе вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць людзей вязаць, людзі не ідуць ваўка біць, воўк ня хоча казу есьці, каза не ідзе былінку грызьці, а былінка ня хоча вераб'я калыхаць. 

Вада не пайшла. Паляцеў вол да вала: 

— Вол, вол, ідзі ваду піць, вада не ідзе агонь тушыць, агонь не ідзе вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць людзей вязаць, людзі не ідуць ваўка біць, воўк ня хоча казу есьці, каза не ідзе былінку грызьці, а былінка ня хоча вераб'я калыхаць. 

Вол не пайшоў. Паляцеў верабей прасіць доўбню: 

— Доўбня, доўбня, ідзі вала біць, вол ня ідзе ваду піць, вада не ідзе агонь тушыць, агонь не ідзе вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць людзей вязаць, людзі не ідуць ваўка біць, воўк ня хоча казу есьці, каза не ідзе былінку грызьці, а былінка ня хоча вераб'я калыхаць. 

Доўбня не пайшла. Паляцеў верабей прасіць чарвей: 

— Чэрві, чэрві, ідзіце доўбню тачыць, доўбня не ідзе вала біць, вол ня ідзе ваду піць, вада не ідзе агонь тушыць, агонь не ідзе вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць людзей вязаць, людзі не ідуць ваўка біць, воўк ня хоча казу есьці, каза не ідзе былінку грызьці, а былінка ня хоча вераб'я калыхаць. 

Чэрві не пайшлі. Паляцеў верабей да курэй: 

— Куры, куры, ідзіце чарвей дзяўбці, чэрві не ідзуць доўбню тачыць, доўбня не ідзе вала біць, вол ня ідзе ваду піць, вада не ідзе агонь тушыць, агонь не ідзе вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць людзей вязаць, людзі не ідуць ваўка біць, воўк ня хоча казу есьці, каза не ідзе былінку грызьці, а былінка ня хоча вераб'я калыхаць. 

Куры не пайшлі. Паляцеў верабей прасіць ястраба: 

— Ястраб, ястраб, ідзі курэй дзёрці, куры не ідуць чарвей дзяўбці, чэрві не ідзуць доўбню тачыць, доўбня не ідзе вала біць, вол ня ідзе ваду піць, вада не ідзе агонь тушыць, агонь не ідзе вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць людзей вязаць, людзі не ідуць ваўка біць, воўк ня хоча казу есьці, каза не ідзе былінку грызьці, а былінка ня хоча вераб'я калыхаць. 

Ястраб не пайшоў. Паляцеў верабей да сонейка: 

— Сонейка, сонейка, асмалі ястрабу крылы, асьляпі яму вочы, ён не ідзе курэй дзёрці, куры не ідуць чарвей дзяўбці, чэрві не ідзуць доўбню тачыць, доўбня не ідзе вала біць, вол ня ідзе ваду піць, вада не ідзе агонь тушыць, агонь не ідзе вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць людзей вязаць, людзі не ідуць ваўка біць, воўк ня хоча казу есьці, каза не ідзе былінку грызьці, а былінка ня хоча вераб'я калыхаць. 

— Рада б была табе памагчы, — адказала сонейка, — ды хмары мяне закрылі. Ідзі папрасі вецер, каб ён іх разагнаў. 

Паляцеў верабей прасіць вецер: 

— Вецер, вецер, разгані хмары. Яны закрылі сонейка. Яно ня можа асмаліць ястрабу крылы, ён не ідзе курэй дзёрці, куры не ідуць чарвей дзяўбці, чэрві не ідзуць доўбню тачыць, доўбня не ідзе вала біць, вол ня ідзе ваду піць, вада не ідзе агонь тушыць, агонь не ідзе вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць людзей вязаць, людзі не ідуць ваўка біць, воўк ня хоча казу есьці, каза не ідзе былінку грызьці, а былінка ня хоча вераб'я калыхаць. 

— О, я разганю, я люблю, — адказаў вецер. І пачаў разганяць хмары. 

Заіскрылася сонейка — і давай ястрабу смаліць крылы, сьляпіць яму вочы. Ён паляцеў курэй дзёрці, куры пайшлі чарвей дзяўбці, чэрві пайшлі доўбню тачыць, доўбня пайшла валоў біць, вол пайшоў ваду піць, вада пайшла агонь тушыць, агонь пайшоў вяроўкі паліць, вяроўкі пайшлі людзей вязаць, людзі пайшлі ваўка біць воўк пайшоў казу есьці, каза пайшла былінку грызьці, былінка пачала верабейку калыхаць. 

Сядзіць верабей на былінцы, грэецца ад сонейка ад сонейка і калышацца: калых-калых, калых-калых. 

Каза - манюка

Жыў дзед ды баба з дачкою. І была ў іх каза. 

Пагнала дачка пасьвіць казу. Цэлы дзень пасьвіла па бары, па дубраўцы, па мураўцы. Увечары прыгнала дахаты. Дзед пытае ў казы: 

— Каза мая, козачка, дзе была? 

Каза кажа: 

— Нідзе не была. Нічога ня ела, нічога ня піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі... 

Насварыўся дзед на дачку, што дрэнна казу пасьвіла, і назаўтра выправіў бабу. 

Цэлы дзень пасьвіла баба казу па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы. Увечары прыганяе дахаты. 

Дзед зноў пытае ў казы: 

— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што піла? 

Каза кажа. 

— Нідзе не была. Нічога ня ела, нічога ня піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі... 

Дзед і на бабу насаврыўся, што дрэнна казу пасьвіла. 

Надзеў тады дзед бабін каптан і хустку ды пагнаў сам пасьвіць казу. 

Цэлы дзень пасьвіў па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы. 

Увечары вярнуўся дахаты, пераадзеўся ў сваё адзеньне, сеў на прызьбе і чакае казу з пашы. 

Прыйшла каза на двор. 

Дзед пытае: 

— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што піла? 

Каза кажа: 

— Нідзе не была. Нічога ня ела, нічога ня піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі... 

Узлаваўся дзед на казу-манюку, прывязаў яе за плот, а сам пайшоў касу гастрыць, казу-манюку рэзаць. 

Дазналася аб гэтым каза, сарвалася з прывязі й пабегла ў лес. Знайшла ў лесе зайчыкаву хатку, залезла ў яе і жыве там, а зайчыка і на парог не пускае. 

Сеў зайчык пад елачкай і плача. 

Ідзе воўк: 

— Чаго зайчык, плачаш? Чаго зажурыўся? 

— Як жа мне ня плакаць, як не журыцца? Была ў мяне хатка — новая, яловая. Прыйшоў нейкі зьвер рагаты ды бадаты, выгнаў мяне з хаткі й сам у ёй жыве, а мяне і на парог не пускае. 

— Ну, добра, ня плач: я таго зьвера выганю. 

Падыйшоў воўк да зайчыкавай хаткі, пастукаў хвастом у дзьверы ды кажа: 

— Гэй, зьвер рагаты-бадаты, зьбірай манаткі, ідзі прэч з зайчыкавай хаткі! 

А каза як затупае за дзьвярыма, як замэкае: 

— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту! 

Спужаўся воўк ды ад бяды ўцёк. 

А зайчык зноў сеў і плача. 

Ідзе мядзьведзь: 

— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго зажурыўся? 

— Як жа мне ня плакаць, як не журыцца? 

І расказаў мядзьведзю пра сваю бяду. 

— Ну, добра, — кажа мядзьведзь, ня плач: я таго зьвера адразу выганю. 

Падыйшоў ён да зайчыкавай хаткі, патупаў каля дзьвярэй ды кажа: 

— Гэй, зьвер рагаты-бадаты, зьбірай манаткі, ідзі прэч з зайчыкавай хаткі! 

А каза як затупае, як замэкае: 

— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту! 

Спужаўся і мядзьведзь ды ў гушчар — кульгець, кульгець... 

Ідзе певень. Убачыў заплаканага зайчыка і пытаецца: 

— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго, брат, зажурыўся? 

— Як мне ня плакаць, як не журыцца? 

І расказаў зайчык пеўню пра сваю бяду. 

— Э, — кажа певень, — такую бяду я адной лапай разьвяду. Я таго зьвера ведаю — гэта дзедава каза-манюка... 

Падыйшоў певень да зайчыкавай хаткі, залопаў крыламі, закукарэкаў: 

— Кукарэку! Кукарэку! 
Заб'ю казу-недарэку! 
Пачула каза ды як затупае, як замэкае: 

—Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту! 

Тады певень зноў яшчэ мацней залопаў крыламі, закрычаў: 

— Гэй, каза, зьбірай манаткі, 
Уцякай хутчэй ты з хаткі, 
Бо вунь дзед ідзе, 
Ён касу нясе.. 
Як пачула каза пра дзеда з касою, напужалася і кулем выскачыла з хаткі. 

А зайчык зь пеўнікам зайшлі ў хатку і сталі там жыць-пажываць ды дабра нажываць. 

Раздзелы сайта